Размаўляем па-беларуску

Беларускія казкі

Асваенне дзецьмі беларускай мовы ажыццяўляецца ў спецыфічнай сітуацыі руска-беларускага блізкароднаснага двухмоўя. Для большасці дашкольнікаў першай мовай, на якой яны вучацца гаварыць і думаць, з'яўляецца руская. У той жа час дзеці даволі рана далучаюцца да беларускай мовы, чуючы яе па радыё, тэлебачанні, ад некаторых дарослых і ў дзіцячым садзе, на асобных занятках.

Аднак паўнавартасная беларускамоўнае асяродзе ў дашкольнікаў адсутнічае. Больш за тое, дзеці могуць карыстацца рускай мовай нават тады, калі да іх звяртаюцца па-беларуску, ведаючы, што іх разумеюць. Такім чынам, маўленчыя сітуацыі, у якіх аказваюцца дзеці, не ствараюць у іх жыццёвай неабходнасці размаўляць па-беларуску. З іншага боку, стыхійнае авалоданне беларускай мовай прыводзіць да змешвання рускага і беларускага маўлення дзяцей.

Такім чынам, гэта патрабуе спецыфічных падыходаў да навучання дзяцей беларускай мове.

Творы фальклору сваім зместам і формай найлепшым чынам дапамогуць ў гэтым. Паступоваяны ўводзяць малога ў стыхію народнага словы, раскрываюць яго багацце і прыгажосць. З'яўляюцца ўзорам прыгажосці мовыі. Народныя казкі, спрыяюць засваенню ўсіх формаў мовы, якія даюць магчымасць выпрацоўкі ў дзяцей ўласных моўных навыкаў.

Зараз дадзеная праблема становіцца яшчэ больш актуальнай. Недахоп часу ў бацькоў, адсутнасць актывізацыі беларускай мовы з боку бацькоў - прыводзіць да праблем развіцця маўленнядзяцей. На жаль, дзіця больш часу праводзіць за кампутарам, чым у жывым асяроддзі. З прычыны гэтага, творы народнай творчасці практычна не выкарыстоўваюцца нават ў малодшым узросце. Дашкольны ўзрост - гэта перыяд актыўнага засваення дзецьмігутарковага мовы, станаўлення і развіцця ўсіх бакоў мовы: фанетычнай, лексічнай, граматычнай. Паўнавартаснае валоданне роднай мовай у дашкольным дзяцінстве з'яўляецца неабходнай умовай для разумовага, эстэтычнага, маральнага выхавання дзяцей. Чым раней дзеці чуюць беларускую мову, тым вальней яны будуць

Казкі вучаць і перасцерагаюць, казкі звязваюць нашых пра-прадзедаў ды пра-прабабуляў з намі. Казкі — гэта ўтульны сямейны вечар, калі клопаты вялікага свету засталіся за сценамі Вашага дому, а Вы і Ваш час належаць толькі Вашым дзецям.

Калі мы гаворым пра Канвенцыю аб правах дзіцяці, у першую чаргу мы думаем пра глабальныя рэчы: пра мір, пра вайну, пра адукацыю, пра ежу, пра жытло і здароўе. Бясспрэчна, гэта вельмі важна. Але Вашая ўвага, Вашыя абдымкі, Вашая сіла і абарона, Вашая пяшчота і клопат вельмі патрэбныя Вашым дзецям.

Казкі — гэта цэлы чароўны свет, у якім Вы падарожнічаеце разам, трымаючыся за рукі. Свет, у якім Вашае дзіця можа стаць веліканам і навучыць Вас, дарослага чалавека, чаму-небудзь новаму. Размаўляйце, чытайце казкі сваім дзецям на беларускаяй мове. А мы вам у гэтым дапапожам.

«Каза-манюка»
(сярэдняя і старэйшая група)

Жылі дзед ды баба з дачкою. I была ў іх каза. Пагнала дачка пасвіць казу. Цэлы дзень пасвіла па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты. Дзед пытаецца ў казы:

— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што шла?

Кажа каза:

— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...

Насварыўся дзед на дачку, што дрэнна казу пасвіла, і назаўтра выправіў бабу.

Цэлы дзень пасвіла баба казу па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары прыганяе дахаты.

Дзед зноў пытаецца ў казы:

— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што шла?

Каза кажа:

—Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...

Дзед і на бабу насварыўся, што дрэнна казу пасвіла. Надзеў тады дзед бабін каптан і хустку ды пайшоў сам пасвіць казу. Цэлы дзень пасвіў па бары, па дубраўцы, па траўцы, па мураўцы. Увечары вярнуўся дахаты, пераапрануўся, сеў на прызбе і чакае казу з пашы.

Прыйшла каза на двор. Дзед пытаецца:

— Каза мая, козачка, дзе была? Што ты ела, што піла?

Каза кажа:

— Нідзе не была. Нічога не ела, нічога не піла. Толькі як бегла цераз масток, ухапіла кляновы лісток, а як бегла ля крынічкі, ухапіла кропельку вадзічкі...

Узлаваўся дзед на казу-манюку, прывязаў яе за плот, а сам пайшоў касу вастрыць, казу-манюку рэзаць.

Дазналася аб гэтым каза, сарвалася з прывязі і пабегла ў лес. Знайшла ў лесе зайчыкаву хатку, залезла ў яе і жыве там, а зайчыка і на парог не пускае.
Сеў зайчык пад елачкай і плача. Ідзе воўк:

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?

— Як жа мне не плакаць, як не журыцца? Была ў мяне хатка — новая, яловая. Прыйшоў нейкі звер рагаты ды барадаты, выгнаў мяне з хаты і сам у ёй жыве, а мяне і на парог не пускае.

— Ну добра, не плач, я таго звера выганю.

Падышоў воўк да зайчыкавай хаткі, пастукаў хвастом у дзверы і кажа:
— Гай, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!

А каза як затупае за дзвярыма, як замэкае:

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!

Спужаўся воўк ды ад бяды ўцёк. А зайчык зноў сеў і плача. Ідзе мядзведзь:

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго зажурыўся?

— Як жа не плакаць, як не журыцца?

I расказаў мядзведзю пра сваю бяду.

— Ну добра, — кажа мядзведзь, — не плач, я таго звера адразу выганю.

Падышоў ён да зайчыкавай хаткі, патупаў каля дзвярэй ды кажа:

— Гэй, звер рагаты-барадаты, збірай манаткі, ідзі прэч з зайчыкавай хаткі!

А каза як затупае, як замэкае:

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!

Спужаўся і мядзведзь ды ў гушчар — кульгець, кульгець...Ідзе певень. Убачыў заплаканага зайчыка і пытаецца:

— Чаго, зайчык, плачаш? Чаго, брат, зажурыўся?

— Як жа мне не плакаць, як не журыцца?

I расказаў зайчык пра сваю бяду.

— Э, — кажа певень, — такую бяду я адной лапай развяду. Я таго звера ведаю — гэта дзедава каза-манюха...

Падышоў певень да зайчыкавай хаты, залопаў крыламі, закукарэкаў:

— Кукарэку! Кукарэку!

Заб'ю казу-недарэку!

Пачула каза ды як затупае, як замэкае:

— Закалю цябе рагамі, затапчу цябе нагамі, яшчэ і барадою замяту!

Тады певень яшчэ мацней залопаў крыламі і закрычаў:

— Гэй, каза, збірай манаткі,

Уцякай хутчэй ты з хаткі.

Бо вунь дзед ідзе,

Ён касу нясе...

Як пачула каза пра дзеда з касою, напужалася і кулём выскачыла з хаткі. А зайчык з пеўнікам зайшлі ў хатку і сталі там жыць-пажываць ды дабра нажываць.

 

Лёгкі хлеб

Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць. Дастаў торбачку, разьвязаў і пачаў есьці.

 Выйшаў з лесу галодны воўк. Бачыць — касец пад кустом сядзіць і нешта есьць. Падыйшоў да яго воўк:

— Ты што ясі, чалавеча? 

— Хлеб, — адказвае касец.

— А ён смачны?

— Дзіва што смачны!

— Дай мне пакаштаваць.

 Калі ласка!

Адламаў касец кавалак хлеба і даў ваўку.

 Спадабаўся ваўку хлеб. Ён і кажа:

— Хацеў бы я кожны дзень хлеб есьці, але дзе мне яго дастаць? Парай, чалавеча!

— Добра, — кажа касец, — навучу цябе, дзе і як хлеб даставаць.

І пачаў ён вучыць ваўка:

— Перш-наперш трэба зямлю ўзараць...

— Тады і хлеб будзе?

— Не, брат, пачакай. Потым трэба зямлю забаранаваць...

— І можна хлеб есьці? — замахаў воўк хвастом.

— Што ты, пачакай яшчэ. Раней трэба жыта пасеяць...

 Тады будзе хлеб? — аблізнуўся воўк.

— Не яшчэ. Дачакайся, пакуль жыта ўзыдзе, халодную зіму перазімуе, вясной вырасьце, потым закрасуе, потым пачне наліваць зярняты, потым сьпець...

— Ох, — уздыхнуў воўк, — вельмі ж доўга чакаць. Але цяпер-то ўжо я наемся хлеба ўволю!

— Дзе там наясіся! — перапыняе касец. — Рана яшчэ. Спачатку сьпелае жыта трэба зжаць, потым у снапы зьвязаць, снапы ў бабкі паставіць. Вецер іх правее, сонейка прасушыць, тады вязі іх на ток...

— І есьці хлеб буду?

— Які нецярплівы! Спачатку трэба снапы абмалаціць, зярняты ў мяхі сабраць, мяхі ў млын завезьці, ды мукі намалоць...

— І ўсё?

— Не, ня ўсё. Муку трэба замясіць у дзяжы і чакаць, пакуль цеста падыдзе. Тады ў гарачую печ пасадзіць.

— І сьпячэцца хлеб?

 Але, сьпячэцца хлеб. Вось тады і наясіся яго, — скончыў касец навуку.

Задумаўся воўк, потым пачухаў лапай патыліцу і кажа:

— Не! Гэтая работа занадта марудная і цяжкая. Лепш парай мне, чалавеча, як лягчэй яду здабываць.

— Ну што ж, — кажа касец, — калі ня хочаш цяжкі хлеб есьці, параю табе лёгкі. Ідзі на выган, там конь пасецца.

Пайшоў воўк на выган. Убачыў каня:

— Конь, конь! Я цябе з'ем.

— Што ж, — кажа конь, — еш. Толькі спачатку здымі з маіх ног падковы, каб не ламаць табе зубы аб іх.

— І то праўда, — згадзіўся воўк.

Нахіліўся ён падковы здымаць, а конь як стукне яму капытом у зубы...

Перакуліўся воўк ды ходу.

Прыбег да рэчкі. Бачыць — на беразе гусі пасуцца. "Ці ня з'есьці мне іх?" — думае, потым і кажа:

— Гусі, гусі! Я вас з'ем.

— Што ж, адказваюць гусі, — еш. Але спачатку зрабі нам адну паслугу перад сьмерцю.

— Якую? — пытаецца воўк.

— Пасьпявай нам, а мы паслухаем.

— Гэта можна. Сьпяваць я — мастак.

Сеў воўк на купіну, задраў галаву і давай выць. А гусі крыльлямі — мах, мах! Узьняліся й паляцелі.

Зьлез воўк з купіны, правёў гусей вачыма і пайшоў далей ні з чым.

Ідзе ды лае сябе апошнімі словамі: "Ці ж ня дурань я, га? Навошта я згадзіўся сьпяваць гусям? Ну, цяпер каго ні сустрэну — з'ем!"

Толькі ён так падумаў, бачыць — ідзе па дарозе стары дзед. Воў падбег да яго:

— Дзед, дзед! Я цябе з'ем!

— Чаго так сьпяшацца! — кажа дзед. — Давай сьпярша табакі панюхаем.

— А смачная яна?

— Паспытай, дык будзеш ведаць.

— Давай!

Выняў дзед з кішэні капшук з табакаю, сам панюхаў і ваўку даў.

Як нюхнуў воўк на ўсю сілу, дык цэлы капшук табакі ўдыхнуў у сябе. А потым як пачаў чхаць на ўвесь лес... Нічога ад сьлёз ня бачыць, усё чхае. Так з гадзіну чхаў, пакуль усю табаку ня вычхаў. Агледзеўся потым, а дзеда і сьлед прастыў.

Пайшоў воўк далей.

Ідзе ён і бачыць — на полі чарада авечак пасецца, а пастух сьпіць. Нагледзеўся воўк у чарадзе самага большага барана, схапіў яго і кажа:

— Баран, баран! Я цябе з'ем.

— Што ж, — кажа баран, — такая мая доля. Але каб ня мучыцца мне доўга ды і табе каб не ламаць зубы аб мае старыя косьці, стань лепш вунь у той лагчынцы і разяў рот, а я ўзьбягу на ўзгорак, разганюся і сам ускочу табе ў рот.

— Дзякуй за параду, — сказаў воўк. — Так і зробім. 
Стаў ён у лагчынцы, разявіў рот і чакае. А баран узбег на горку, разагнаўся ды — трах! — рагамі ваўка ў галаву. Аж іскры пасыпаліся з вачэй у ваўка, сьвету ён ня ўбачыў.

Ачухаўся воўк, пакруціў галавою і разважае:

— Цікава: з'еў я яго ці не?

А тым часам касец скончыў работу ды ідзе дахаты.

Пачуў ён воўкавы словы і кажа:

— З'есьці ня з'еў, але паспытаў лёгкага хлеба.

http://www.nlb.by

свернуть

Беларускія гульні

Паважаныя бацькі, прапануем Вам беларускія гульні, у якія Вы можаце пагуляць разам са сваімі дзецьмі


Гульня "У мядзведзя на бару"
«У мядзведзя на бару» — беларуская народная гульня. Сярод удзельнiкаў выбiраецца «мядзведзь». Астатнiя дзецi iмiтуюць збiранне грыбоў i ягад, спяваюць песню: «У мядзведзя на бару грыбы, ягады бяру. Мядзведзь рычыць, на нас глядзiць». «Мядзведзь» бегае за дзецьмi, пакуль усiх не пераловiць. Першы схоплены становiцца «мядзведзем». Гульня працягваецца спачатку.

 

Гульня «ПРЭЛА-ГАРЭЛА»
Задачы: развіваць хуткасць рэакцыі, кемлівасць, спрыт, умение дзейнічаць па сігнале.
Матэрыял: цацкі.
Апісанне гульні. Да пачатку гульні выхавальнік у розных месцах пляцоўкі хавае цацкі. Дзеці становяцца ў круг і гавораць наступныя словы:
Прэла-гарэла,
За мора ляцела,
А як прыляцела,
Дзе-небудзь села.
Хто першы знойдзе,
Той сабе возьме.
Пасля гэтага яны разбягаюцца па пляцоўцы і шукаюць схаваныя цацкі.
Правілы гульні: дзеці не павінны бачыць, куды выхавальнік хавае цацкі; пераможцам лічыцца той, хто болып іх знойдзе.

 

Гульня «ЗАІНЬКА»
Задачы: развіваць увагу, спрыт, каардынацыю рухаў, хуткасць рэакцыі.
Абсталяванне: шапачка зайца.
Апісанне гульні. Д зеці бяруцца за рукі і ўтвараюць круг. У сярэдзіне — заінька. Усе спяваюць:
Заінька бялюсенькі,
Заінька шарусенькі!
Праскачы ў дзірачку
Ды не пабі спіначку!
На гэтыя словы зайчык імкнецца выскачыць з круга, але дзеці не пускаюць: хутка прысядаюць, як толькі ён набліжаецца да каго-небудзь з іх.
Пасля гэтага дзеці спяваюць далей:
Заінька, павярніся,
Шэранькі, павярніся!
Тупні ножкай, паскачы
Ды ў далоні запляшчы!
Пры заканчэнні песні ўсе павінны запляскаць у далоні. Гэтым момантам карыстаецца зайка: ён дакранаецца да каго-небудзь з дзяцей і хутка становіцца на яго месца.
Той, хто застаўся без месца, павінен выконваць ролю заінькі.
Правілы гульні: пры набліжэнні заінькі ігракі павінны хутка ўзяцца за рукі; калі яны не паспеюць зрабіць гэтага, той, да каго дакрануўся зайчык, займае яго месца.

 

Гульня "ЛАВІЦЬ КУРЫ"
Задачы: удасканальваць навыкі бегу з лоўляй і ўхіленнем; развіваць спрыт, вынослівасць, настойлівасць.
Матэрыял: хусцінка або ручнік.
Апісанне гульні.
Дзеці выбіраюць пеўня, усе астатнія — куры.
Певень расстаўляе рукі і гоніць курэй пад печ:
—Кыш пад пен, кыш пад печ...
Потым певень пытае:
—А колькі вас ёсць?
—Колькі ў лесе дроў!
Куры разбягаюцца, а певень ловіць іх. Пасля ўсе садзяцца на лаву, певень скручвае пытку з хусткі або ручніка. 3 кожнай курыцай у яго адбываецца размова:
—На чым сядзіш?
—На ганачку.

—За што трымаешся?
—За клямачку.
—А што гэта збоку?
—Бочка.
—А што ў бочцы?
—Мёд.
—А каму есці?
—Мне, а пеўню нос у смале.
Тады певень б'е пыткай курыцу,
тая ўцякае і хаваецца. Калі ж курыца на пытанне «Каму есці?» адказ-вае: «Певень, для цябе мядок», — ён яе не чапае, а пераходзіць да наступнай.
Правілы гульні:певень павінен лавіць курэй на абмежаванай плошчы

 

Гульня "Гусі"
Дзіцячая гульня, якая развівае спрыт і лоўкасць.
«Гусіная матка» ў «полі» або на лаўцы кліча «гусей» (за 20—25 м):
«Гусі, да дому!».
Гусі хорам пытаюцца: «А што дома?»
– «Піці і есці, але ж ваўкі дзесьці!»
– «А што ім рабіць?».
Адказваюць «ваўкі»: «Гусей давіць!»,
а матка – «Шэры, белы, валахаты, уцякайце ўсе да хаты !».
«Ваўкі» ловяць «гусей», якія не дабеглі да «маткі»
Гульня праводзіцца некалькі разоў, пакуль не будуць злоўлены ўсе.

http://www.nlb.by

свернуть

Міжнародны дзень роднай мовы

Размаўляем на роднай мове

Паважаныя бацькі!
У нашым дзіцячым садку кожную пятніцу мы размаўляем на беларускай мове.

Размаўляйце, калі ласка, і вы з намі па-беларуску!

свернуть

Беларускія святы і абрады

Паважаныя бацькі, раскажыце сваім дзецям пра беларускія святы і абрады.

 

 1. Каляды (к. 25 снежня, п. 7 студзеня)

Калі на Каляды прыгравае, быць зялёнаму году.

Калядныя святы пачыналіся з дня Божага Нараджэння — Раства. Калі першая зорка з’яўлялася на небе, уся сям’я садзілася за стол, засланы белым абрусам, пад які клалі сена. Стравы на стале былі посныя, абавязкова варылі куццю — кашу з круп. Запаліўшы свечку і памаліўшыся, пачыналі вячэраць. Калядоўшчыкі спявалі песні-калядкі, скакалі пад скрыпачку і бубен, у заключэнне выконвалі велічальную песню гаспадарам дома з самымі шчодрымі пажаданнямі, а ў адказ атрымлівалі пачастункі.

2. Грамніцы, альбо Стрэчанне (к. 2 лютага, п. 15 лютага)

Грамніцы — палавіна зіміцы.

Свята сустрэчы зімы і лета. Якое надвор’е на Грамніцы, такая будзе і вясна. Пасля гэтага дня пачыналі рыхтавацца да работ у полі. У царкве ці касцёле асвячалі грамнічныя свечкі. Яны лічыліся ахоўнымі — гаспадар з дапамогай гэтых свечак «асвячаў» хату і ўсю гаспадарку, выпальваючы імі невялікія крыжыкі на дзвярах і варотах. Верылі, што грамнічныя свечкі ратуюць будовы ад удару маланкі. З грамнічнымі свечкамі тройчы абыходзілі свойскую жывёлу на свята Юр'я, іх запальвалі на засеўкі, з імі абыходзілі хаты на Іллю і Багача, сустракалі маладых на вяселлі, дзіцятка на радзінах, клалі ў руку нябожчыку, ішлі шукаць папараць-кветку на Купалле.

3. Сырны тыдзень, або Масленка (за 8 тыдняў да Вялікадня)

Масленка, масленка, нясі сыру, масла нам, каб зімачка згасла!

Старажытнае язычніцкае свята. У гэты тыдзень праводзяць зіму. Сёння Сырны тыдзень болей вядомы як Масленка. Шмат стагоддзяў у беларусаў сыр быў самым папулярным прадуктам i сiмвалiзаваў нараджэнне новага жыцця. У гэты тыдзень дзяўчаты і хлопцы ладзілі гушканне на арэлях, коўзанне з горак на санках. Верылі, што чым вышэй узляціш на арэлях, чым далей скоцішся з горкі — тым даўжэйшы будзе лён. На Масленку ласуюцца блінамі, спяваюць масленічныя песні.

4. Гуканне вясны (з 14 сакавіка)

Благаславі, Божа, вясну заклікаці, лета сустракаці!

Першае вясновае свята. Дзяўчаты збіраліся на ўзгорках (каб было бліжэй да неба) і спявалі вяснянкі — песні, у якіх клікалі вясну. Вадзілі карагоды, спальвалі пудзіла зімы, як на Масленку. Падчас спеваў вяснянак і гукальных карагодаў дзяўчаты падкідвалі ўверх печыва ў выглядзе птушак — жаўрукоў, кулікоў, буслоў, што павінна было, як і спевы, хутчэй выклікаць надыход вясны.

5. Саракі.

Свята прыпадае на 22 сакавіка. Яно адзначае дзень веснавого раўнадзенства. 3 гэтым святам канчаткова прыходзіць вясна.

6. Камаедзіца.

Гэтае свята прыйшло з глыбокай старажытнасці. Адзначаецца перад Звесткаваннем. На гэта свята пакланяліся мядзведзю.

7. Дабравешчанне, або Звеставанне (к. 25 сакавіка, п. красавіка)

На Дабравешчанне дзеўка касу не пляце, а птушка гнязда не ўе.

Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень прыходзіць вясна. Гэта свята прылёту бусла і ластаўкі. Шчасціла таму, хто ўбачыць першага бусла, які ляціць, а не стаіць. Гаспадыня падымалася раней мужа, каб выканаць абрад «развязвання сахі». Пасля абеду "гукалі вясну". Дзяўчаты збіраліся ля гумнаў і лазняў, забіраліся нават на стрэхі і спявалі вяснянкі. Разводзілі невялікія вогнішчы, вадзілі вакол іх «танкі» (карагоды). Гаспадыні пяклі печыва ў выглядзе птушак. У гэты дзень не дазвалялася працаваць.

8. Вербніца (апошняя перад Вялікаднем нядзеля)

У гэты святочны дзень у царкве ці касцёле асвячалі галінкі вярбы, неслі іх дадому і злёгку сцябалі імі дамашніх, перш за ўсё дзетак, і прыгаворвалі:Не я б’ю, вярба б’е,

За тыдзень — Вялікдзень.

Будзь здароў, як вада,

А расці, як вярба!

Будзь здароў на ўвесь год!

Людзі верылі, што такім чынам чалавеку перадаецца моц і прыгажосць гэтага дрэва. Частку асвечаных галінак клалі за бажніцу, утыкалі ў сцены, вокны. Вярбная галінка была патрэбная падчас першага грому. Каб не баяцца навальніцы, імкнуліся з’есці па адной пупышцы, а затым легчы на зямлю і перакуліцца. Пачуўшы грымоты, гаспадыня запальвала грамнічную свечку, а вербныя галінкі клала на падаконнік з таго боку, адкуль насоўваліся дажджавыя хмары.

Галінкі ніколі не выкідалі, а захоўвалі да наступнай Вербніцы, каб спаліць у печы і попел рассыпаць па градках.

9. Вялікдзень.

Гэтае свята лічыцца найвялікшым каляндарным святам. Яно складае выключную адметнасць, самабытнасць беларускага абрадава-святочнага каляндара. Апошняя нядзеля перад святам была Вербная нядзеля. У царкву заносілі галінкі вярбы, якія асвяшчалі святой вадой. Потым прынасілі дамоў і з'ядалі па аднаму пухірку, каб абараніцца ад маланкі, а рэшткі вярбы захоўвалі да наступнай Вербніцы.

10. Наўскі Вялікдзень.

Адзначаўся ў чысты чацвер, як частка агульнакаляндарнай традыцыі ўшанавання дзядоў. Гэтае свята больш вядома пад назвай Радауніца(Ра́даніца, Ра́дуніца, Радаўні́цкія Дзяды́, На́ві Дзень) – дзень памінаньня памерлых ва ўсходніх славянаў, на які са старажытных часоў адбываліся трапэзы на магілах бацькоў і блізкіх сваякоў.

Праваслаўная Царкваўключыла Радаўніцу ў свой культ.

Радаўніца адзначаецца праз тыдзень пасляВялікадня, заўжды на аўторак. Спачатку ідуць памінаць блізкіх у царкву, а потым на могілкі.

11. Юр'я.

Юр'я.Свята адзначалася 5 траўня. На ім ушаноўвалі сімвал парадку, вясны, росквіту прыроды. На лузе дзяўчаты выбіралі самую прыгожую, апраналі яе русалкай і надзявалі ёй вянок, вадзілі вакол яе карагоды і спявалі. На гэтае свята існуе шмат прыказак, прыкмет. Вось адна з іх:" Як дождж на Юр'я, то будзе хлеб у дурня." 

Свята было напоўнена шматлікімі абрадавымі дзеяннямі, песнямі, павер'ямі, прыкметамі апатрапеічнага і заклінальнага характару.

12. Зялёныя святкi або Сёмуха.

Свята найвышейшага росквіту прыроды. Вядома пад назвай Сёмухі, Тройцы. Святкуецца гэтае свята на семым і восьмым тыдні пасля Вялікадня. Гэтае свята з'яўляецца гімнам маці-прыродзе, сімвалізуе ўласцівае канцу вясны і пачатку лета ўшанаванне зеляніны, дрэў і кветак, што знаходзяцца ў сваім росквіце. Яны – прыроднае атачэнне свята, яго вобразнасць і змест.

Некалі даўно маладыя дзяўчаты з песнямі хадзілі ў лес. Абіралі там маладыя бярозкі і завівалі паміж сабой стужачкамі, каб атрымаліся такія ўпрыгожаныя вароцікі. Пасля праз іх праходзілі. Даследчыкі кажуць, што гэта такі архаічны сімвал таго, што жанчына ўступае ў шлюбны ўзрост і тым яднаецца з прыродай, паказвае сусвету, што яна ўжо гатовая пайсці замуж і нараджаць дзетак.

13. Купалле.

У разгар лета ў Беларусі адзначаюць Купалле – адно з найстарадаўнейшых народных свят, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі. Гэтае свята насычана прыгожымі язычніцкімі звычаямі. Сутнасць гэтага свята засталася некранутай да нашых дзён. Увасабленнем былі ачышчальныя вогнішчы, ачалавечаны вобраз жанчыны Купалы і нават яго дочкі. Сёння згодна з праваславным календаром свята адзначаюць у ночз 6 на 7 ліпеня, каталіцкім –24 чэрвеня.

З Купаллем звязана шмат дзіўных легенд і паданняў. У народзе верылі, што ў гэту ноч рэкі свецяцца асаблівым нерэальным святлом, а ў іх водах купаюцца душы памерлых у абліччы русалак. Па зямлі ходзяць ведзьмы, чарадзеі і духі, якія імкнуцца нашкодзіць чалавеку, расліны і жывёлы размаўляюць, а сонца на золку "гуляе".

Убачыць гэтыя цуды, зразумець мову звяроў і птушак можна з дапамогай кветкі папараці, якая зацвітае, згодна з павер'ямі, усяго на імгненне раз у год. Яна давала незвычайную здольнасць бачыць будучыню і знаходзіць усе схаваныя скарбы свету, але раздабыць яе мог толькі вельмі смелы чалавек. Пошук "папараць-кветкі" – адзін з самых таямнічых рытуалаў купальскай ночы.

14. Дажынкі.

Дажынкі – старажытнае народнае свята ў беларусаў, звязанае з апошнімі момантамі жніва. Суправаджалася народнымі абрадамі,танцамі, песнямі, чым былі ўдзячныя «духам нівы» за хлеб і заадно прасілі даць урадлівасць і налета.

Дажаўшы жыта, пасля абраду «завівання барады» (закручвалі пук і пакідалі яго) «для птушак» жнеі прыхарошвалі сноп кветкамі, плялі вянкі з каласоў і з песнямі ішлі ў вёску. Прыйшоўшы, аддавалі сноп гаспадарам, за што мелі смачны пачастунак ці падарункі.

Дажынкам было прысвечана шмат дажынкавых песень, якія спявалі напрыканцы жніва, вяртаючыся з поля ў вёску і на застоллі. Яны былі значна весялейшыя за жніўныя песні, бо ў апошніх спявалася пра нялёгкую працу і долю жней і іх дзяцей.

У наш час дажынкі адзначаюць як свята ўраджаю.

15. Пакровы.

Пакроў (Пакравы, Пакрова): 1(14) кастрычніка царкоўнае тлумачэнне літаральнае:пакроў (пакрывала) Божай Маці; у народнай трактоўцы паняцце атрымала больш шырокі сэнс, ахопліваючы самыя розныя прыкметы прыроды: «Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам», «...рыбу луской, дрэва карой, птаху пяром, дзеўку чапцом».Адзначаліся ад 14 кастрычніка да 27 кастрычніка. На гэтае свята размярковываліся дні паміж дзяўчатамі, а 27 кастрычніка па надвор'ю меркавалі аб характары будучай жонкі, і называлі гэты час Дзівочым летам. Пачынаючы з гэтага свята, моладзь пачынала збірацца на вячоркі, а хатнія справы спраўляліся з песнямі.

16. Дзяды.

Дзяды –свята беларускаганароднага календара, звязанае з памінаннем продкаў («дзядоў»). У Беларусі Дзяды адзначаюцца некалькі разоў на год: масленічныя, радаўніцкія, траецкія (духаўскія), пятроўскія, змітраўскія. Галоўныя – Восеньскія Дзяды (Змітраўскія, Вялікія, Асяніны, Тоўстая вячэра, Хаўтуры), яны адзначаюцца ў лістападзе, але ў розных рэгіёнах у розныя дні (Міхайлаўскія Дзяды, Піліпаўскія Дзяды, Змітраўскія Дзяды і інш.).

У цэнтры абраду – вячэра ў памяць памерлых сваякоў. Рытуал Дзяды у найбольш архаічнай форме захаваўся толькі ў беларусаў. Кожны дзень тыдня меў сваё значэнне. Так субота мела быць днём ушанавання дзядоў, усіх памерлых. У гэты дзень кожны павінен быў успомніць лепшыя рысы прашчураў, аддаць ім належную павагу.

17. Зімовыя святкі.

Зімовыя святкi.Пачыналіся посля постнай куцці (6 студзеня) і завяршаліся да Вадахрышча (19 студзеня). На гэтае свята адбываліся сапраўдныя тэатралізаваныя беларускія народныя карнавалы. Пачыналіся зімовыя святкі з Каляд (7 студзеня), якія былі ў гонар зімоваго сонцазвароту і каляднага месаеду пасля Піліпаўскага посту. На гэты язычніцкі абрад наслаівалася хрысціянскае свята нараджэнне Хрыстова – свята Раства. Неад'емным рытуалам з'яўляецца ўшанаванне продкаў-дзядоў. Гэтаму прысвячалі тры ўрачыста-шанавальныя куцці: перадкалядная посная, багатая – шчодрая і вадзяная. Гэтая дзея цягнулася ад 25 снежня да 6 студзеня.

http://www.jivebelarus.net

свернуть

Занятак-падарожжа “ У госці да бабулі”

Тэма: Падарожжа “ У госці да бабулі”

Праграмныя задачы: фарміраваць уяўленні  дзяцей аб жыцці і побыце сялян, далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай спадчыны сродкамі народнай творчасці, садзейнічаць развіццю правільнага беларускага маўлення, выхоўваць цікавасць і павагу да Радзімы, яе нацыянальнай культуры.

Абсталяванне: музейны пакой “Беларуская хатка”, “Бабулін падворак”

 

Дзеці ў музычным зале.

Вядучы. Добры дзень, дзеці! Якія вы сёння прыгожыя, якія ў вас кашулі, спаднічкі з арнаментам. А ў якой мы з вамі жывём краіне? А на якой мове мы з вамі зараз размаўляем? Так, мы размаўляем па-беларуску. А ,можа, вы ведаеце вершы на беларускай мове?

Хлопчык. Блакіт нябёс і белы бусел,

І кветкі ў полі, як абрус.

Мой край завецца Беларуссю,

А сам я – хлопчык-беларус.

Дзяўчынка. Твар румяненькі,

Белая хустачка.

Я ўжо ведаю

Я  – беларусачка

І хачу так

Як тата і мама

Родны край свой любіць я таксама.

Хлопчык. Мая родная мова –

Ручайкоў перазвон,

Птушак шчэбет вясновы,

Калыханка на сон.

Дзяўчынка. Люба кожнае слова:

Мама, ластаўка, клён.

Будзе жыць мая мова –

Ручайкоў перазвон.

Вядучы. Малайцы, вершы вы ведаеце, а зараз можа заспяваем!

Песня “У хаце у бабулі”

А ці хочацца вам цяпер апынуцца ў хаце ў бабулі?

Цішэй…Заплюшчыце вочы.

У правы бок павярніцеся,

У левы бок павярніцеся,

У хаце ў бабулі апыніцеся.

Дзеці “апынуліся” у музейным пакоі “Беларуская хатка”. Там іх сустракае бабуля Ганна.

Дзеці. Добры дзень!

Бабуля Ганна. Добры дзень, госцікі даражэнькія!

Унук. Бабуля, а я да цябе ў госці прыйшоў і сваіх сяброў прывёў.

Бабуля Ганна. Праходзьце, калі ласка! Паглядзіце, як я жыву. (Дзеці разглядваюць.) Як добра, што вы да мяне завіталі. Я якраз цеста на аладкі замясіла, поўную дзежку. Будзем аладкі пячы, частавацца. (Дзеці заглядваюць у дзежку.)

Бабуля Ганна. Дзеці, аладкі мы будзем гатаваць у печы. Я ўжо печ запаліла. (Адчыняе засланку, дзеці заглядваюць у печ.)

Бабуля Ганна. На чым дома вашы мамы гатуюць есці? (На патэльні.) Так, у мяне таксама ёсць патэльня (паказвае). Наліваем на патэльню цеста з дапамогай драўлянай лыжкі (прапануе дзецям дапамагчы).

Бабуля Ганна. Як мы паставім гарачую патэльню ў печ? (З дапамогай чапялы.) Вось нашы першыя аладкі адправіліся ў печ.

Чуецца стук у дзверы.

Бабуля Алена. Добры дзень, Ганначка! Думаю, зайду ў госці да сваёй суседкі, а то неяк сумна стала дома адной. Ой, а ў цябе так добра, так весела. Пакуль твае аладкі пякуцца, я запрашаю твайго ўнука з сябрамі да мяне у госці.

Бабуля Ганна. Я хуценька спяку аладкі і прынясу вас пачаставаць.

Дзеці з бабуляй Аленай ідуць да яе ў госці.

Бабуля Алена. Кожная сялянская хата мае сваю гаспадарку. У працавітай гаспадыні шмат хатніх жывёл. А калі вы адгадаеце усе мае загадкі, то даведаецеся, хто яшчэ жыве на маім двары.

 

Стаіць на плоце

У чырвоным капоце.

Рана устае, спаць не дае. (певень)

(З’яўляецца дарослы ў касцюме пеўня.)

 

З людзьмі сябруе, хату вартуе.

Жыве пад ганкам , хвост абаранкам. (сабака)

(З’яўляецца дарослы ў касцюме сабакі.)

 

Чок-чок, пятачок,

Ззаду маленькі кручок.

Паміж імі спінка,

А на ёй шчацінка. (свіння)

(З’яўляецца дарослы ў касцюме свінні.)

 

Мы з жывёламі дружна жывём і любім пагуляць, павесяліцца. Дзеці, станавіцеся разам, будзем гуляць.

Гульня “Ручаёк” з музычным суправаджэннем “Кросны”.

Бабуля Ганна тым часам прыносіць аладкі.

Бабуля Ганна. Паглядзіце, якія аладкі атрымаліся: мяккія, пульхныя, духмяныя, напэўна, смачныя. (Дзеці разглядваюць.) Частуйцеся, калі ласка.

Дзеці частуюцца аладкамі.

Бабуля Ганна. Ці смачныя аладкі?

Дзеці. Смачныя.

Бабуля Алена. Дзеці, ці спадабалася вам у нас у гасцях.

Дзеці. Спадабалася.

Бабуля Ганна. Прыходзьце да нас часцей, мы будзем вельмі рады.

Дзеці вяртаюцца ў групавы пакой.

 

свернуть

Музейны пакой "Беларуская хатка"

Музейны пакой “Беларуская хатка”

Народ, які не ведае свайго мінулага,

не мае будучані.

 

З цягам часу побыт чалавека мяняўся. І ў сучасным жыцці амаль адсутнічаюць прадметы быта, якія ўпамінаюцца ў казках, летапісах. А дзіцяці, з яго імкненнем пазнаваць нешта новае, вельмі важна не толькі паглядзець на яго, але і  даведацца, што азначае той ці іншы прадмет, дакрануцца да яго.

Ідэя стварыць музейны пакой з’явілася ў 2002 годзе. Музей уяўляе сабой хатку с прадметамі сялянскага побыту.

Галоўная разгорнутая экспазіцыя музея – “Жыццё і побыт сялян”. Яна падзяляецца на раздзелы:

прадметы побыту;

прадметы ручной працы;

вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Мэта:

Далучэнне дзяцей да беларускай нацыянальнай спадчыны.

Задачы:

Стварыць умовы для далучэння дзяцей да гісторыі жыцця нашых продкаў.

Паказаць прыгажосць і багацце моўнай спадчыны беларускага народа праз розныя віды дзіцячага фальклору.

Фарміраваць уяўленне дзяцей аб жыцці і побыце сялян.

Пабуджаць жаданне законных прадстаўнікоў папаўняць музейнага пакоя “Беларуская хатка” прадметамі хатняга ўжытку нашых продкаў.

Развіваць цікавасць да вуснай народнай творчасці, да вытокаў беларускай культуры.

Выхоўваць пачуццё пашаны да гістарычнай спадчыны свайго народа, да роднай мовы.

Музейны пакой “Беларуская хатка” размешчаны ў асобным пакоі памяшкання нашай установы. Частка міні-музея знаходзіцца на тэрыторыі установы дашкольнай адукацыі.

Вочы свецяцца радасцю і зацікаўленасцю тады, калі дзеці і дарослыя пераступаюць парог музейнага пакоя. Атмасфера беларускай хаты стварае эмацыянальны настрой, фарміруе спрыяльную глебу для глыбога ўспрымання таго, што адбываецца. Адна справа бачыць сялянскія прылады працы на фотаздымку, і зусім іншая – патрымаць у руках гэтыя рэчы. Дзецям дазваляецца “узбіць” масла ў маслабойцы, карыстацца прасам, патрымаць у руках верацяно, пакалыхаць “дзіця” у люльцы, пасядзець на лаве, зазірнуць у бабульчын куфар, разгледзець вышытыя ручнікі, сурвэткі, абрус. Тады яны адчуваюць сябе прычаснымі да працэсу і пачынаюць цікавіцца гісторыяй з’яўлення экспаната, лягчэй засвойваюць матэрыял.

У музейным пакоі “Беларуская хатка” праводзяцца заняткі, гульні па азнаямленню са звычаямі і традыцыямі беларускага народа. Экспанаты музейнага пакою выкарыстоўваюцца ва ўсіх відах дзейнасці. Пры планаванні дзейнасці з дзецьмі вялікую ўвагу надаём беларускамоўнаму дню. Праводзім такія заняткі як: “Калыханка”, “Беларускі ўзор”, “Прадметы хатняга ўжытку”, “У гасцях у бабулі”, “Мая малая радзіма”, “Беларускае адзенне”, “Скачам ад печы”, “Беларускія стравы”, “У чырвоным куце”.

У нашым музейным пакоі  праводзяцца для дзяцей беларускія народныя святы з удзелам бацькоў: “ Пакровы”, “Запрашаем на Калядкі”, “Гуканне вясны”, “У Купальскую ноч”, дзе деці знаёмяцца са звычаямі і традыцыямі беларускага народа.

З вялікай цікавасцю дзеці ўдзельнічаюць у беларускіх народных гульнях: “Ручаёк”, “Заінька”, “Капялюш”, “Грушка”, “Шэры кот”, “Бярозка”, “Знайдзі пару”, “Адгадай чый галасок”, “Пазнай па апісанню”, “Хусцінка”.

У “Беларускай хатцы” дзеці любяць слухаць казкі, вершы, забаўлянкі, заклічкі, калыханкі, прымаўкі, прыказкі. Таксама з удзелам музычнага кіраўніка дзеці спяваюць беларускія народныя песні з выкарыстаннем беларускіх нацыянальных інструментаў: “У хаце ў бабулі”, “Цік-так, ходзікі”, “Званочак грае”, “Маленькі каток”, “Го-го-го, каза”; слухаюць у запісу творы беларускіх кампазітараў: “Трасуха”, “Кросны”, “Полька”, “Калыханка”.

Неад’емнай часкай у рабоце з деццьмі з’яўляецца супрацоўніцтва з  законнымі прадстаўнікамі выхаванцаў. Бацькі з вялікім задавальненнем і цікавасцю ўдзельнічаюць у сумесных мерапрыемствах, святах, выставах, экскурсіях. Таксама бацькі ўдзельнічаюць у папаўненні музейнага пакоя “Беларуская хатка” экспанатамі сялянскага побыту і ўжытку.

Агульная колькасць экспанатаў музейнага пакоя “Беларуская хатка” на сенняшні час складае каля 50 прадметаў: печ, люлька, хадун, вілы, лапата, ухват, куфар, ручнікі, збаны, гаршкі, чыгуны, кадкі, прас, пралка, валак, стол, лава, абраз, верацяно, сявенька, посцілкі, маслабойка, абрус, сурвэткі, беларускія нацыянальныя касцюмы.

З моманту існавання музейнага пакоя “Беларуская хатка” мы адзначылі, што сістэматычная работа з дзецьмі і бацькамі садзейнічае далучэнню выхаванцаў да беларускай нацыянальнай спадчыны.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

свернуть
поделиться в: